| Такое жыцьцё |
[Nov. 26th, 2009|05:48 pm] |
Сяргей і Наташа Ужо не ўзгадаю, як па-сапраўднаму звалі Сікву, але дакладна памятаю, што быў ён за нас на два гады старэйшы. Калі вучыліся ў дзявятым класе, Сіква пачаў "хадзіць" з нашай аднакласьніцай, прыгажунькай Наташай. Сябравалі яны прыгожа і даволі доўга, пакуль Сікву не прызвалі ў войска. Вядома, Наташка, як і было прадпісана ў такіх выпадках дваравой этыкай, абяцала чакаць і, самае галоўнае, дачакацца. Канешне ж, была ў свайго хлопца на "провадах". Яго бацькі вельмі прыязна ставіліся да патэнцыйнай нявесткі... Ня ведаю, дзе служыў Сіква, бо мне ён сябрам ня быў, але ведаю пэўна, што ў дзясятым класе выбухнуў, як шаравая маланка, вірлівы раман паміж Наташай і Сяргеем, маім лепшым школьным сябрам. Іх папярэджвалі, што так няможна, калі "пацан служыць", што могуць быць благія наступствы, бо лісты да Сіквы ад таварышаў пайшлі змрочныя, а ў адказ - дык увогуле чорныя ад бездапаможнай нянавісьці. Але, што тыя парады і пагрозы, калі закаханы, ды яшчэ на піку юнацкай сэксуальнасьці? За сьпінай застаўся выпускны, мае аднакласьнікі разьляцеліся хто куды, а Наташка з Сяргеем рыхтаваліся да вясельля. Пра тое, што Сіква вярнуўся з войска, я выпадкова даведаўся ўжо ў Менску. І вестка тая для мяне стала дужа трывожнаю... Я бегаў на пункты міжгародніх перамоваў, тэлефанаваў сябру, але патрапіць на яго ніяк не атрымлівалася. У бліжэйшыя выходныя паехаў дадому і адразу ад вакзала зайшоўся да Сяргея. Сябра быў жывы і здаровы, калі не лічыць моцна падрапанага носу, адсутнага пярэдняга зуба і прыпухлага правага вока. Ён жартаваў, сьмяяўся абсалютна шчыра і ў мяне на сэрцы адлягло. Сіква прыйшоў да Сяргея без усялякіх папярэджаньняў, але пасьля таго, як завітаў да сваёй каханай. Пра што яны гаварылі з Наташай я ня ведаю, але здагадацца не цяжка, што эмацыйная размова вялася не пра школьны атэстат ці дэмбельскі альбом. Толькі плёну тая сустрэча для Сіквы ня мела. У Наташкі - сталёвы характар, і калі ўжо нешта для сябе пастанавіла, то і перавесьці рэйкі можа толькі яна, а не хтосьці іншы. Пацаны потым казалі, што ішоў Сіква ад Наташкі, як быццам мех бульбы нёс, - плечы зьвялі, галаву панурыў... Толькі вось ішоў ён не ў свой мікрараён, а роўненька да Сяргея на госьці. - Пайшлі? - толькі і сказаў Сіква, калі мой сябра адчыніў яму дзьверы. - Пайшлі.- толькі і адказаў яму Сяргей. Тады яны моўчкі выйшлі на двор і гэтак жа моўчкі лупілі адзін аднаго што было сілы. Да крыві, да сінякоў, да моташных крыкаў суседзяў, што пагражалі выклікаць міліцыю. А потым разыйшліся. Без абвінавачаньняў і апраўданьняў, узаемных праклёнаў, нянавісьці і мацюкоў. Кожны быў правы, ніхто ня быў вінаваты. З тых час прайшло роўна 20 гадоў. Дзе і што з Сіквай ня ведаю.З Сяргеем бачуся вельмі рэдка. Наташа нарадзіла яму двух дзетак: дзяўчынку і хлопчыка. Але ня так даўна яны разыйшліся. Пра што гэта гісторыя? Пра жыцьцё. А яно, як дождж, - даецца небам, а сыходзіць у зямлю. І ніколі не даведаешся, дзе лепей... |
|
|